Work Text:
Новая песня не ладзіцца.
Румі прыкусвае губу, зводзіць бровы амаль да пераносся, нервова адбівае рытм алоўкам па стальніцы. Зоі ды Міра нешта абмяркоўваюць побач, падбіраюць мелодыю на сінтэзатары, але Румі не звяртае на іх увагі. Яна прабягае вачыма па адной фразе з песні зноў і зноў і зноў, нібы загіпнатызаваная.
“Тваё агіднае аблічча нібы смяротны грэх.”
Гучыць бойка, рэзка, гэта іх песня — іх групы. Гэта песня падыходзіць паляўнічым, што ідуць след у след за сваёй ахвярай. Але погляд Румі ў чарговы раз чапляецца за словы “смяротны грэх”, і яна у задумлівасці абводзіць іх алоўкам.
Гэта песня пра ўсіх Саджа бойз, што ўгрызліся ў сэрцы людзей с адной песні, з аднаго выступлення. Яркія, мілавідныя, ідэальныя, нечалавечыя — ну гідота! Але Румі ў думках вяртаецца да чорных валасоў і такіх жа чорных вачэй, мабыць, самых чалавечых з іх усіх.
Джыну.
Смяротных грахоў сем, які з іх увасабляе ён?
Румі думае пра гордасць. Само існаванне дэманічнага бойсбэнда нібы плявок у твар паляўнічым, што неслі свае песні стагоддзямі, абаранялі людзей сваімі галасамі. Ці зашмат у яе гордасці, у дзяўчыны, што напалову дэман, які жыцця не заслугоўвае, ды напалову паляўнічая, чый абавязак — гэта жыццё забраць?
Румі думае пра гнеў. Гневу ў ёй зашмат, гнеў перапаўняе яе. Гнеў падымаецца фіялетавымі ўзорамі да самага горла, адбірае яе голас, адбірае ў яе саму сабе, адбірае ўвесь сэнс яе існавання. Гнеў яе булькоча ўнутры, раз’ядае кіслатою, але выліваецца тады, калі яна губляе — можа сабе дазволіць згубіць – кантроль, калі яна бачыць Джыну, і больш вакол няма нікога, і можна гэты нястрымны дэманічны гнеў нарэшце паказаць.
Думкі Румі раз за разам вяртаюцца да іншага граху.
Юр. Распуста. Пралюбадзейства.
Пальцы Румі мімаволі дрыжаць. Яна ніколі не дазваляла сабе думаць — нават у адзінокай цішыні сваёй спальні — пра цяплынь чужога цела. Не зараз, зараз было нельга: яе скуру дагэтуль пакрывала фіялетавая сетка ўзораў, якія нельга было патлумачыць чужым і нельга было паказаць сваім, да якіх не знаходзіла ў сабе моц дакрануцца адзіны чалавек які пра іх ведаў — як Румі магла спадзявацца на дотык каго-небудзь, хто гэтыя ўзоры палюбіць?
І ўсмешка яе ворага — калі з'язджае ілюзія, калі блішчаць золатам вочы, калі мільгаюць на скуры фіялетавыя ўзоры, калі позірк чапляецца за ненатуральна вострыя іклы — жыве ва ўспамінах Румі распаленай магмай. Румі горача і душна, нібы яны зноў б’юцца ў напоўненай парай лазні, нібы яна зноў уціскае яго цела ў падлогу, і ў святле яе мяча тая зубатая ўсмешка абяцае нібы то вечныя пакуты, нібы то незямныя ўцехі.
Яна збягае ў свой пакой пад усхваляваныя пытанні сябровак. Фіялетавыя ўзоры віюцца па яе скуры спакушальная прагай, якую не зразумець і не здаволіць, але Румі не можа паказаць нават імгненне слабасці, ад якой падгінаюцца калені.
Думка аб тым, каб адказаць на запрашэнне Джыну ды прыйсці на сустрэчу, з'яўляецца ўсё часцей.
