Actions

Work Header

Гарбата

Summary:

Аэліта круціць перад сабой пусты кубачак, слухае балбатню Зэны. У лясным сектары бясконцая залацістая раніца напаўняе паветра жоўтым святлом. На дрэвах — блікі, што адбіваюцца ад паверхні невялічкага возера за іх спінамі. А яны з Зэнай п'юць гарбату.

Work Text:

— ... ну і я кажу Алексію, каб ён туды не бегаў, дурны...

Аэліта круціць перад сабой пусты кубачак, слухае балбатню Зэны. У лясным сектары бясконцая залацістая раніца напаўняе паветра жоўтым святлом. На дрэвах — блікі, што адбіваюцца ад паверхні невялічкага возера за іх спінамі. А яны з Зэнай п'юць гарбату. Яны часта сядзелі так, побач — Аэліце заўжды падабалася гуляць у чаяпіцці. Як толькі яна даведалася, што на зямлі людзі п’юць ды ядуць ня толькі для падтрымкі энергіі, але і проста так: каб пагутарыць адзін з адным, каб пасмакаваць нешта, каб бавіць час, каб адагнаць нуду — яна вырашыла праводзіць такія чаяпіцці на Ліока. Не па-сапраўднаму, канешне — яна магла стварыць кубкі ды імбрык, потым навучылася ствараць у кубку і вадкасць. Яе можна было піць, але ўсё адно смак гарбаты — крэпкай, з дзвюма лыжкамі цукру ды з аўсяным печывам упрыкуску, як яна любіць, — сымітаваць не атрымалася б.

Яна замірае на імгненне, круціць у галаве гэту дзіўную думку: адкуль ёй ведаць, якая яе любімая гарбата, калі яна ніколі не была на Зямлі ды гарбаты не каштавала? Які гэтакі смак аўсянага печыва, калі тут Зэна робіць толькі нейкія дзіўныя дэлікатэсы з медузіным жэле? Адкуль гэта прыйшло?

Але думкі яе павольныя і цёплыя, такія лянотныя, што яна не можа на гэтым сканцэнравацца. Зэна балбоча далей, над імі вялікай ценню навісае краб, якога нядаўна ахрысцілі Уладзімірам. Аэліта круціць перад сабой пусты кубак. Яны сядзяць перад бервяном нібы перад імправізаваным сталом — лініі на дрэве хоць і сгенерыраваны выпадкова, але Аэліта гатова паклясціцца, што ўжо бачыла такі ўзор. Яна абводзіць пальцам авал сярод гэтых ліній — выглядае, нібы там зрэзалі галіначку, але Аэліта ведае, што гэта не так. Усё ў гэтым віртуальным сусвеце зроблена як ёсць, створана з нічога і ніадкуль, і ніхто гэтае бервяно не пілаваў. Але перад вачамі мільгае ўспамін, як няцвёрды агенчык свечкі: яны ўжо вось так сядзелі і абмяркоўвалі нешта, толькі цеплыню раніцы яна зусім не адчувала — мабыць, яны сварыліся? Аэліта ня памятае.

Яна не памятае каб яны хоць раз сварыліся. Яна не памятая, як адчуваецца сапраўднае цяпло — але на краю разумення бразгоча ўспамін, дзе мільгацяць фіялетавыя ўсполахі і льецца гучны смех, а ёй так цёпла ляжаць на жнівеньскай траве. Успамін, дзе яна танчыла пад сонечным святлом, пакуль не стала горача.

Аэліта заплюшчвае вочы.

Зэна сёння ненармальна балбатлівы. Ён часта пераскаквае с аднаго на другое: ідэі новых істот якіх ён хоча стварыць для Ліока, змены ў віртуальным сусвеце, нейкія дурасці, што монстры рабілі — але звычайна ён вядзе з ёй дыялог. Яго заўсёды цікавіць яе меркаванне: у рэшце рэшт, яны дзеляць гэты сусвет на дваіх. Але не сёння, сёння ён нібы нагаварыцца не можа, сёння ён закалыхвае яе бясконцай ручаінкайслоў.

Аэліта адчувае сабе загіпнатызаванай. Ёй хочацца паглядзець на Зэну, павярнуцца да яго. Краем вока яна бачыць яго руку злева ад сабе: ён актыўна жэстыкулюе, рваныя рукавы чырвонага балахона ледзь не трапляюць у талерку з печывам. Яна бачыць толькі руку, але можа ўявіць ягоную натхнёную ўсмешку ды бляск шкляной кароны, што закрывае палову твару. Аэліта хоча павярнуцца да яго, зняць тую карону, зазірнуць яму ў вочы ды спытацца што тут робіцца. Але часткі яе цела застылі — не павярнуць галавы, не ўстаць, не працягнуць рукі хоць трошкі далей, быццам бы цела не слухае мозг. Аэліта адчувае сабе нібы муха ў смале.

Мо яна спіць? Гэта вельмі падобна на стан паміж дрымотай і абуджэннем, калі ты то засынаеш, то прачынаешся, нібы човен што гойдаецца на хвалях. На гэтых хвалях знікаюць думкі, і цела не слухаецца, наліваецца свінцом.

Адкуль яна ўсё гэта ведае, калі на Ліока немагчыма спаць?

Мо гэта баг у яе праграмным кодзе? Мо яе віртуальная абалонка сапраўды перастала яе слухацца? Але Зэна б убачыў, Зэна б адчуў, ён падмячаў самыя нязначныя змены ў ёй, нават тыя, што Аэліта не заўважала сама. Ён першы ўбачыў, як яна змянілася, стала больш падобнай на іх, стала…

Кім? Чым? Аэліта гойдае гэту думку на ўяўным човене ў сваёй галаве, але не можа знайсці патрэбнага слова. Хутка яна забывае, з чаго яе думка пачалася. Яна круціць перад сабой пусты кубак і думае, што трэба б падліць гарбаты, але імбрык стаіць трохі далей. Аэліта ў думках прагаворвае кожны рух: прыпадняцца, нахіліцца, дацягнуцца да імбрыка, з тонкага носіка наліць гарбаты, іншай рукой прытрымаць крышку, запытацца ў Зэны, ці падліць і яму таксама, паставіць імбрык на месца, адпіць гарбаты.

Аэліта не можа зварухнуцца. Можа пашавяліць пальцамі, далонямі, локцямі, а далей — не, быццам бы ўсё астатняе цела задубела. Гэта пужае — на некалькі секунд. Потым страх сыходзіць. Тут цёпла. Спакойна. Знаёма. Бяспечна. Хутка яна забывае, навошта яна хацела зварухнуцца, а там забываецца і крыніца яе трывогі.

Да іх павольна падплывае сцыфоза — Сафія — ды гайдае свае празрыстыя шчупальцы. Яна нязграбна хапае імбрык, ледзь не згубіўшы крышку, ды налівае Аэліце яшчэ гарбаты. Кубак Зэны яна чамусьці ігнаруе, але той усё балбоча нешта пра монстраў, і не звяртае ўвагі ні на Софу, ні на сваю пусты кубак, ні на Аэліту. Яна адчувае паколванне на кончыках пальцаў ды нейкае дзіўнае пачуццё ўнутры, быццам бы яна спрабуе раззлавацца, але нават самыя нязначныя ўсплёскі эмоцый здувае, як паветра здувае пясок.

Аэліта забывае, на што яна злавалася. Аэліта забывае, колькі яны тут ужо сядзяць, пра што ёй кажа Зэна. Мабыць, ён балбоча адно і тое ж.

Аэліта ўжо не памятае.

З вязкіх думае яе выцягвае Алексій, той самы любімы канкрэлацік Зэны, якога той часта цягаў на руках нібы хатняга гадаванца. Не тое каб гэты монстр быў вельмі разумны альбо ласкавы, але даволі памяркоўны, і звычайна не паказваў на сваёй аднавокай пысе ніякіх эмоцый: хапай яго, кідай яго — ён бы папішчаў ды забыў.

Дрыжыкі ва ўсіх суставах яго механічных ног ды відавочна напалоханае вока прыцягваюць увагу Аэліты. Ён глядзіць з іншага боку іх саматужнага стала, стаіць так далёка, што ледзьве трапляе в поле зроку Аэліты, не падыходзіць бліжэй, і відавочна, што ён баіцца Зэны.

Гэта дзіўна. Гэта не мае сэнсу.

Аэліта павольна скідвае скаваўшую яе млявасць. Паводзіць плячыма. Паварочвае галаву — з такой цяжкасцю, нібы яна прасядзела тут каменнем некалькі дзён. Прыглядаецца да канкрэлата і да ўсяго свайго наваколля. Вось перад ёй стаіць кубак, на стальніцы — авальная пляма ва ўзоры драўніны. Злева ад яе, перад пустым месцам за гэтым сталом, стаіць кубак, ідэнтычны таму, з якога піла Аэліта. Узор драўніны віецца і складваецца ў прыкметную авальную пляму, да і агулам гэтая частка стальніцы — копія ўчастка перад Аэлітай. Яна паварочваецца яшчэ, і бачыць, як стол выгібаецца вялізнай дугой, і ўздоўж яе стаяць кубкі побач з авальная плямай на стале: адна за адной, адна за адной. Перад вачыма ўсё плыве, і на імгненне Аэліце падаецца, што ёй не хапае паветра.

Глупства, у віртуальнай прасторы няма паветра, і дыханне ніколі не збіваецца.

Аэліта нібы ўпершыню бачыць сваё наваколле па-сапраўднаму, а не праз запаволеныя абрывачныя думкі, і не пазнае той ціхі куток, дзе яны з Зэнай не аднойчы бавілі час.

За іх спінамі павінна быць возера — то, што рабіла гэты куток найбольш прывабным для Аэліты ў параўнанні з астатнім сектарам. Але варта толькі павярнуцца, яна бачыць, што гэта нейкае іншае месца. Край платформы, што яна бачыла, седзячы за сталом, адзін у адзін паўтарае знаёмыя выгіны паляны, дзе яны с Зэнай гадзінамі хаваліся — ад каго, Аэліта не памятае, — і глядзелі ў пустую жоўтую далячынь, але астатняе наваколле збівае яе за панталыку. Аэліта з зацікаўленасцю аглядвае вежу за іх спінамі— тут, на ўскраіне сектара, яе не павінна быць. Не зразумела, адкуль бяруцца знаёмыя блікі, калі возера там няма. Ці то памяць яе падводзіць, ці то хтосьці паперакройваў гэтую частку сектара. Мабыць нават увесь сектар, бо за межамі той невялічкай платформы ды дзіўнага стала няма нічога. Усё жоўтае, жоўтае, жоўтае — жоўтыя неба і мора пад святлом сонца, што ніколі не ўсходзіць і не заходзіць. Звычайна гэта не кідаецца ў вочы, бо высокія дрэвы не даюць углядзецца ў далячынь. А тут яны быццам бы пясчынка ў акіяне, але Аэліта настолькі стомленая ды збянтэжаная гэтай безліччу несупадзенняў, што яна нават больш не пужаецца.

Зэна нарэшце заўважае, што яна не слухае, што яна азіраецца, што яна спрабуе ўстаць з-за стала. Зэна маўчыць. Потым — павольна паварочваецца да яе, і Аэліта хоча закрычаць.

— Прынцэса, — шэпча Зэна незнаёмым голасам, а ў Аэліты перад вачыма стаіць іншае аблічча са светлымі валасамі, загарэлае ды смяшлівае, мітусіцца фіялетавым адзеннем пад жнівеньскім сонцам, і ёй хочацца плакаць. На Ліока заплакаць немагчыма, і яна глядзіць на аблічча Зэны — ці на то, што ад яго засталося. Ягоны твар нібыта навекі застыў у імгненні девіртуалізацыі: шкляная карона разбіта, замест правага вока, ды, шчыра кажучы, правай паловы галавы— блакітнае ззянне. — Ты зноў прачнулася... Усё часцей... Не магу больш...

Ах як Аэліта хоча закрычаць. Але не можа — і паміж волі заплюшчвае вочы.

Калі яна адкрывае іх зноў, перад ёй стаіць пустая кружка з-пад гарбаты. Яны з Зэнай сядзяць у сваім любімым месцы на ўскрайку ляснога сектара, і той нешта бясконца балбоча. Нешта пра Алексія? Здаецца, яна гэта чула ўжо калісьці, але думкі яе павольныя і такія лянотныя, што Аэліта не хоча нават варушыцца. Навошта? У іх на Ліока ўсё добра, як і заўсёды. Ёй цёпла. Спакойна. Тут іх ніхто не знойдзе.